Таямніцы заступніцы Палесся: стала вядома, што арыгінал Юравіцкага абраза з Гомельшчыны — не ў кракаўскім касцёле

| Гісторыя

З Мазыра ў Юравічы 12 верасня адбываецца штогадовае праваслаўнае паломніцтва з копіяй абраза Божай Маці Юравіцкай — гэты абраз XVII стагоддзя ўшаноўваецца і католікамі, і праваслаўнымі, ён вядомы цудамі з часоў ВКЛ і лічыўся адной з галоўных святыняў Вялікага Княства. Абраз заступніцы і апякункі беларускага усходняга Палесся мае незвычайную гісторыю, у якой, як цяпер высветлілася, дагэтуль не раскрыты ўсе таямніцы. Афіцыйна лічыцца, што арыгінал абразу знаходзіцца ў асобнай капліцы ў касцёле святой Барбары ў Кракаве. Аднак аказался, што гэта не так, піша Katolik.life.



Копія абраза з юравіцкага праваслаўнага манастыра ў Мазыры


У кракаўскім касцёле — копія, прычым не лепшай якасці


Вядома, што арыгінал абразу таемна перадалі ў Кракаў на часовае захоўванне. Амаль 200 гадоў таму — калі ў царскай Расіі пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да католікаў, і калі ў Юравічах улады ліквідавалі каталіцкую парафію і кляштар езуітаў, перадаўшы комплекс праваслаўным, арыгінал цудадзейны абразу таемна падмянілі на копію.



Габрыэла Горват


А пазней Габрыэла Горват, жонка маршалка Рэчыцкага павету, якая захоўвала ў сябе абраз, паехала ў Кракаў і пакінула яго айцам езуітам кракаўскага калегіума, узяўшы з іх пісьмовае абяцанне вярнуць ікону ў Юравічы, калі там адродзіцца каталіцкая парафія. Падрабязная гісторыя абраза і звязаныя з ім цуды апісваюцца на старонцы беларускіх езуітаў.

Дык вось, афіцыйна арыгінал абразу з даўніх часоў і дагэтуль знаходзіцца ў езуіцкім касцёле святой Барбары на Малым Рынку ў Кракаве – гэта невялікі храм побач са знакамітым Марыяцкім касцёлам. Юравіцкі абраз там змешчаны ў асобнай капліцы за зачыненымі металічнымі кратамі — як вялікая каштоўнасць. Да абраза прыязджалі беларускія вернікі, гісторыкі, і падчас аднаго з візітаў здымачная група з Гомеля заўважыла, што сённяшні абраз у Кракаве адрозніваецца ад ранейшых вядомых выяваў. Гісторык Марыя Булавінская і архітэктар Сяргей Ляпін стваралі фільм аб юравіцкім кляштары, вывучалі багата інфармацыі, таму і звярнулі ўвагу, што абраз у кракаўскім касцёле не падобны на арыгінал.



Абраз у капліцы кракаўскага касцёла св. Барбары

Да высновы, што змешчаны ў кракаўскім касцёле абраз з'яўляецца копіяй — прычым, не самай якаснай – можна прыйсці і самастойна пры параўнанні выяваў арыгіналу абраза і здымку з Кракава. Гэта добра відаць па некаторых дэталях.



Злева — арыгінал абраза Маці Божай Юравіцкай, справа — копія ў касцёле св. Барбары ў Кракаве


Папрасілі аб малітве да заступніцы палесся аб спыненні вайсковай агрэсіі

Тое, што абраз у касцёле святой Барбары можа быць несапраўдным, заўважылі і каталіцкія вернікі з Беларусі, жыхары Гомельшчыны, якія прыехалі ў Кракаў, каб памаліцца ля сваёй старадаўняй святыні, і падзяліліся сваімі меркаваннямі з Katolik.life. Па сваіх крыніцах нам удалося пацвердзіць, што ў кракаўскім касцёле сапраўды выстаўлены не арыгінал, а копія юравіцкага абраза. Згодна з інфармацыяй гэтых аўтарытэтных крыніцаў, сапраўдны абраз знаходзіцца «зусім побач» з касцёлам святой Барбары — відавочна, у кляштары езуітаў, да якога прымыкае касцёл. Крыніцы патлумачылі, што падобная практыка існуе даўно — арыгіналы асабліва каштоўных абразоў у касцёлах часам замяняюць копіямі — у мэтах бяспекі.



Касцёл св. Барбары ў Кракаве. Фота: katolik.life


Беларускія вернікі пісьмова звярнуліся да кракаўскіх езуітаў з просьбай аб арганізацыі малітвы ля арыгіналу юравіцкага абраза — з улікам выключнай сітуацыі. Маецца на ўвазе тое, што тэрыторыі Мазырскага і Калінкавіцкага раёнаў, усходняе Палессе, апякункай якога з'яўляецца Маці Божая Юравіцкая, выкарыстоўваліся расійскімі войскамі для абстрэлаў Украіны. Таму вернікі хацелі памаліцца ля арыгіналу абраза з просьбай аб новых цудах — спыненні вайсковай агрэсіі, прадухіленні ўдзелу беларускага войска ў вайне і аб супакоі для рэгіёна і ўсёй Беларусі, якая працягвае перажываць цяжкі сацыльна-палітычны крызіс, пра які не раз гаварылі каталіцкія іерархі.


Вернікі спадзяюцца на садзейнічанне беларускага епіскапату

Але адказу вернікі не атрымалі, а на тэлефанаванні ў кляштар доўга ніхто не здымаў слухаўку. Аднак 8 верасня, у свята Нараджэння Божай Маці (цікава, што такі ж тытул носіць цяперашні юравіцкі праваслаўны манастыр) на тэлефанаванне адказалі. Просьбу перадалі адказнаму за падобныя справы святару, які ў выніку ператэлефанаваў і адказаў адмовай.



Прылеглы да касцёла св. Барбары будынак кляштара езуітаў, дзе, як мяркуецца, захоўваецца арыгінал абраза. Фота: katolik.life


Прадстаўнік кляштара пацвердзіў, што ў касцёле святой Барбары знаходзіцца копія абраза і прапанаваў памаліцца ля яе. Паводле святара, у многіх польскіх санктуарыях арыгіналы мясцовых цудадзейных абразоў таксама заменены на копіі, і гэта не перашкаджае малітвам вернікаў, арганізацыі пілігрымак. Святар падкрэсліў, што арганізацыя малітвы ля арыгіналу юравіцкага абраза немагчымая, і што ён знаходзіцца пад аховай у асобным месцы ў мэтах бяспекі.

Вернікі спадзяюцца, што з улікам выключнай сітуацыі беларускі каталіцкі епіскапат зможа паспрыяць арганізацыі малітвы, так патрэбнай нашай Бацькаўшчыне, ля сапраўднага цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай.

Злосчастный мост. Стал известен повод репрессий против гомельского архитектора Шабуневского

| Гісторыя

Короткая заметка позволяет предположить, что формальным поводом для преследования стали последствия природного явления, которые в итоге были превращены в политическое дело.

Загадка Урубеля: забыты гомельскі містык канца ХІХ стагоддзя

| Гісторыя

1933 год. На старонках польскай газеты з’явіўся незвычайны артыкул, у якім некалькі разоў узгадваецца Гомель. У ім вядомы польскі экстрасэнс Стэфан Асавецкі апісаў сваю сустрэчу з гомельскім містыкам Урубелем. Сёння гэта, бадай, адзіная вядомая крыніца пра гэтага загадкавага чалавека.

Закінутая вёска ў зоне адчужэння: як выглядаў маёнтак у Дзям’янках сто гадоў таму

| Гісторыя

Перад вамі — 3D-рэканструкцыя сядзібы ў вёсцы Дзям’янкі, аднаго з самых загадкавых і малавядомых месцаў паўднёва-ўсходняй Беларусі. Сёння Дзям’янкі, а яе галоўны сімвал — руіны маёнтка, якія і цяпер вылучаюцца сярод закінутай мясцовасці.